ГЛУТАМІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
α-амінаглутаравая кіслата, HOOCCH2CH2CHNH2COOH; важнейшая заменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў практычна ўсіх прыродных бялкоў і інш. біялагічна актыўных рэчываў (глутатыёну, фоліевай к-ты, фасфатыдаў). У свабодным стане ёсць ва ўсіх тканках жывых арганізмаў, займае ключавое становішча ў азоцістым абмене. Сукупнасць абарачальных ферментатыўных рэакцый пераносу амінагруп у жывых арганізмаў (пераамінаванне) адбываецца ў сістэме глутамінавай кіслаты — глутамін-α-кетаглутаравая к-та. Біясінтэз глутамінавай кіслаты — галоўны шлях асіміляцыі аміяку ў многіх арганізмаў. Глутамінавая кіслата ўдзельнічае ў біясінтэзе многіх заменных амінакіслот, пурынаў; у клетках ц. н. с. пераносіць іоны калію K+ і абясшкоджвае аміяк, выконвае функцыю медыятара. Выкарыстоўваецца як смакавая дабаўка да харч. прадуктаў і як лекавы сродак.
т. 5, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)